ДЗЕНЬ МАТЧЫНАЙ МОВЫ!
2 марта, 2021

19 лютага, на пярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы у Брэсцкім філіяле ПУА “Каледж бізнесу і права” адбыліся тэматычныя мерапрыемства пад дэвізам: “Хай жыве непаўторная, з легендаў і казак сатканая, вобразная, вольная, пявучая, цудоўная родная мова. Да святкавання Дня роднай мовы далучайся!”.

Навучэнцы і настаўнікі  з радасцю адгукнуліся на прапанову запамінальна адзначыць Дзень матчынай мовы. Дзень прайшоў цікава і пазнавальна.  

З самага ранку вядучыя сустракалі ўсіх і віталіся па-беларуску, раздавалі падказкі “размаўляй са мной па-беларуску”.

Далей заходзілі на пары і распавядалі навучэнцам пра свята і яго гісторыю, запрашалі прыняць актыўны ў ім удзел.

Музычныя перапынкі задалі ў гэты дзень святочны настрой і няслі беларускія матывы ў навучальнае асяроддзе. У комнаце-музеі была наладжана эксапазіцыя вясковай хаты “Такія звыклыя і незнаёмыя рэчы…” з мэтай стварыць умовы для пашырэння ведаў пра побыт беларусаў, далучаць да духоўнай спадчыны народа; спрыяць развіццю творчых здольнасцей навучэнцаў, садзейнічаць выхаванню павагі да беларускай народнай культуры. Былі прадстаўлены такія рэчы як покуць, куфар, печ, стол, абрус, посуд і іншыя.

Гледачы змаглі дакрануцца душой і сэрцам толькі да часцінкі таго, што некалі было вельмі дарагім для нашых продкаў, глянулі іншымі вачамі на такія звыклыя для ўсіх нас рэчы. Экскурсаводы запрасілі прысутных часцей азірацца назад, у мінулае, каб не згасла свечка на покуці — у хаце з матчынай душой, каб лягчэй было ісці наперад, у будучыню.

На працягу дня на калідорах працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі: “Птушкі па-беларуску”, “Адзенне па-беларуску”, “Посуд па-беларуску”, “Музычныя інструменты па-беларуску”, “Беларускія стравы”.

Навучэнцы паглыбілі свае веды па гісторыі і культуры сваёй краіны, ахвотна размаўлялі з вядучымі па-беларуску, падтрымліваючы акцыю “Рускай мове дай разгрузку, размаўляй па-беларуску”, за што атрымлівалі цукеркі.

У бібліятэцы была створана тэматычная выстава кніг, дзе змешчаны творы-прысвячэнні роднаму слову, якая заклікала наведвальнікаў да знаёмства з цікавымі беларускамоўнымі выданнямі, у якіх адлюстваваны блізкія маладому пакаленню сучасныя рэаліі.

Для кожнай групы былі прапанаваны конкурсы:

  • малюнак-шарж “Замалёўкі да беларускіх слоў”,
  • сэлфі па-беларуску (фота ці відэа сэлфі з беларускімі словамі.

Удзельнікі конкурсаў адзначаны граматамі за крэатыўнасць і творчы падыход.

Галоўны прыз дня атрымала настаўніца Самасюк А.В., якая прадэманстравала свой зборнік вершаў на беларускай мове.

Шэраг мерапрыемстваў завяршыў флэшмоб, які заклікаў усіх- і выкладчыкаў, і навучэнцаў- выйсці на калідор і атрымаць цудоўны танцавальны настрой.

 Прыемна было бачыць і чуць  зносіны на роднай мове і  цікавасць навучэнцаў да мерапрыемтсваў. Навукоўцы пацвярджаюць, што беларуская літаратурная мова перамясцілася з вёскі ў горад у іншай якасці: сёння гэта мова творчай нацыянальнай эліты.

Верыцца, што моладзь будзе імкнуцца далучыцца да інтэлігенцыі не толькі па матэрыяльных паказчыках, а, перш-наперш, у духоўным плане, дзе мова – дзейсны сродак, неабходны фактар самавызначэння і асобаснага станаўлення кожнага сапраўднага беларуса.